Затрыманы гамельчук, які падазраецца ў разбойных нападах на два банкі



Затрыманы 24-гадовы жыхар Гомеля, які абвінавачваецца ў разбойных нападах на два аддзяленні банка.

10 студзеня невядомы здзейсніў напад на аддзяленне банка ў пасёлку Бальшавік пад Гомелем. Ён завалодаў 11 тысячамі рублёў у эквіваленце і ўцёк. 2 сакавіка ажыццявіў напад на аддзяленне банка ў вёсцы Бабовічы (Гомельскі раён). Супрацоўніца банка адмовілася выканаць патрабаванне мужчыны і націснула трывожную кнопку, пасля чаго злачынец уцёк. У абодвух выпадках у руках у мужчыны быў прадмет, падобны на пісталет.

Як паведамляе Следчы камітэт, 4 сакавіка паводле падазрэння ў здзяйсненні разбойных нападаў супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы 24-гадовы жыхар Гомеля. З ім праведзеныя неадкладныя следчыя дзеянні, падчас якіх малады чалавек падрабязна расказаў пра абставіны ўчыненых злачынстваў. Усталяванае яго дачыненне да разбойных нападаў як у Бабовічах, так і ў Бальшавіку.

Крымінальныя справы аб двух разбойных нападах аб’яднаныя ў адну вытворчасць. Мужчыну выстаўленае абвінавачанне на падставе ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэкса. Да яго прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

belapan.by