Затрыманы гендырэктар Менскага завода шасцерань
Супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі генеральнага дырэктара ААТ „Менскі завод шасцерань”.
Як паведамляе прэс-служба МУС, кіраўнік быў затрыманы 7 лютага ў сваім працоўным кабінеце пры атрыманні хабару ў 20 тысяч еўра ад прадстаўніка замежнай камерцыйнай структуры.
„Незаконныя дзеянні службовай асобы змагары з аргзлачыннасцю выявілі падчас выканання задач па супрацьдзеянні карупцыі пры рэалізацыі дзяржаўных праграм мадэрнізацыі найважнейшых прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі, — гаворыцца ў паведамленні. — Незаконнае ўзнагароджанне належала за спрыяльнае вырашэнне пытанняў па выкананні заводам сваіх дагаворных абавязацельстваў, звязаных з разлікамі за пастаўленае тэхналагічнае абсталяванне”.
Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што ў 2018 годзе названы кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства неаднаразова атрымліваў хабар ад прадстаўнікоў камерцыйных структур за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю.
Следчым камітэтам Беларусі ў дачыненні да гендырэктара Менскага завода шасцерань распачатая справа на падставе ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры асобай, якая займае адказную пасаду).
Зараз праводзяцца следча-аператыўныя мерапрыемствы па дакументаванні супрацьпраўнай дзейнасці затрыманага і датычных асобаў.