Затрыманы менеджэр менскага ХК „Дынама” Уладзімір Беражкоў



Затрыманы выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара і менеджэр менскага хакейнага „Дынама”, былы рэдактар папулярнай газеты „Прессбол” Уладзімір Беражкоў. Паводле інфармацыі Tribuna.com зараз Беражкоў змешчаны ў следчы ізалятар па вуліцы Валадарскага. Уладзіміра Беражкова падазраваюць у раскраданні грошай. У яго дачыненні пачата крымінальная справа па частцы 3 артыкулу 210 КК Рэспублікі Беларусь. Беражкоў як службовая асоба падазраваецца ў раскраданні праз службовае становішча сродкаў на агульную суму не менш 45 мільёнаў рублёў (2800 даляраў). Паводле гэтага артыкулу Уладзіміру Беражкову можа пагражаць пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.

Нагадаем, што зусім нядаўна крымінальная справа па падазрэнні ў прычыненні стратаў у асабліва буйным памеры была пачата супраць былога генеральнага дырэктара „Дынама” Максіма Суботкіна. Пасля яго арышту Беражкоў быў прызначаны выконваючым абавязкі генеральнага дырэктара клуба.

Беларускае Радыё Рацыя