Затрыманы каля Курапатаў Зміцер Дашкевіч арыштаваны на 15 сутак
Грамадскі актывіст Зміцер Дашкевіч засуджаны да 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведаміла БелаПАН яго жонка Наста Дашкевіч.
Суд Мінскага раёна 18 студзеня прызнаў Дашкевіча вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненым паўторна на працягу года (ч. 3 арт. 23.34 КоАП). Паводле слоў жонкі, суд расцаніў як пікетаванне прысутнасць Дашкевіча з бел-чырвона-белым сцягам каля Курапатаў, куды ён рэгулярна прыходзіць па пятніцах на знак пратэсту супраць працы рэстарана „Поедем поедим”.
Дашкевіч быў затрыманы ўвечары 15 студзеня каля ўрочышча Курапаты. Акрамя Дашкевіча міліцыя затрымала яшчэ аднаго чалавека, які стаяў з ім побач, — актывіста Артура Белаблоцкага. Выхадныя яны абодва правялі ў ІЧУ Мінскага раёна. Паводле слоў Анастасіі, Белаблоцкага сёння павінны былі адпусціць з ІЧУ — разгляд яго справы перанеслі на 20 студзеня.
Рэстаран „Поедем поедим” размешчаны побач з урочышчам Курапаты — месцам масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Пратэсты супраць працы рэстарана доўжацца з 31 мая 2018 года.
belapan.by