Затрыманы магілёвец, які падазраецца ў падпале
Затрыманы 27-гадовы жыхар Магілёва, які падазраецца ў падпале дзвярэй Магілёўскага інстытута МУС, паведамляе тэлеграм-канал Следчага камітэта.
Інцыдэнт здарыўся ўначы 10 чэрвеня. Паводле дадзеных следства, невядомы кінуў бутэльку з гаручым рэчывам ва ўваходныя дзверы інстытута. „Следчыя сумесна з экспертамі правялі агляд месца здарэння, падчас якога былі канфіскаваныя фрагменты прылады злачынства”, — адзначылі ў камітэце.
Па гэтым здарэнні Магілёўскі міжраённы аддзел СК распачаў крымінальную справу на падставе ч. 3 арт. 339 (асабліва злоснае хуліганства), ч. 2 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне маёмасці агульнанебяспечным спосабам), ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых сродкаў) Крымінальнага кодэкса.
Як падкрэслілі ў СК, падазраваны знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра і раней за небяспечнае для грамадства дзеянне да яго ўжываліся прымусовыя меры бяспекі і лячэння. „Цяпер з ім праводзяцца неабходныя следчыя дзеянні”, — дадалі ў камітэце.