Максіма Вінярскага пакаралі 30 базавымі (абноўлена)



У Смалявіцкім раённым судзе 21 траўня завершыўся адміністрацыйны працэс над каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім, якога звінавачвалі ў абразе супрацоўніка мясцовай міліцыі.

Суддзя Ліна Бародзіч абвесціла рашэнне пакараць актывіста штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Пра гэта паведаміла ў сваім Фэйсбуку актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава.

* * *

У судзе Смалявіцкага раёну пачаўся суд над актывістам „Еўрапейскай Беларусі” Максімам Вінярскім.

Яго прыцягваюць да аміністрацыйнай адказнасці быццам за абразу службовай асобы. 15 мая Вінярскі з паплечнікамі прыехаў у Смалявічы сустрэць аднаго з сябраў „Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова, які адбыў адміністрацыйны арышт за несанкцыянаваны пікет.

Аднак адзін з супрацоўнікаў міліцыі настойліва перашкаджаў ім гэта зрабіць. І Вінярскі сказаў, што той паводзіць сябе як „упыр”

 – Тая ж суддзя, якая асудзіла Леаніда Кулакова на адміністрацыйны арышт, вяла працэс. Мы заявілі хадайніцтва пра правядзенне лінгвістычнай экспертызы. Мы заявілі сваю пазіцыю, згодна з якой я не збіраўся абражаць, а выказваў ацэнку яго службовых паводзінаў.

Абвінавачаны заявіў хадайніцва аб правядзенні лінгвістычнай экспертызы, ці з’яўляецца слова „упыр” абразай, аднак суд адхіліў адмовіў.

Разгледжанне справы перанесена на 21 траўня, таму што пацярпелы супрацоўнік міліцыі і сведкі не з’явіліся на паседжанне суду.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

 * * *

Затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі сустракаў свайго паплечніка Леаніда Кулакова, які ў сваю чаргу вызваляўся пасля сямісуткавага адміністрацыйнага арышту.

Пасля заканчэння тэрміну арышту Кулакова адвезлі на вакзал, аднак ён вырашыў вярнуцца да паплечнікаў, якія яго сустракалі, паведаміла Юлія Сцяпанава. Сярод сустракаючых быў і Максім Вінярскі, які выказаў здзіўленне, што Кулакова вывезлі, а не адпусцілі адразу. Пасля гэтага Вінярскі быў затрыманы нібыта за нецэнзурную лаянку.

Леанід Кулакоў быў асуджаны па абвінавачванні ў несанкцыянаваным пікеце 25 красавіка на Кургане Славы. 55-гадовы Кулакоў быў затрыманы ў сябе дома ў Менску 8 траўня. Амаль двое сутак блізкія Кулакова не ведалі пра яго месцазнаходжанне, пакуль у міліцыі ім не паведамілі, што актывіст знаходзіцца ў Смалявіцкім РАУС.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ampby.org