Затрыманы намеснік міністра аховы здароўя Ласіцкі вызвалены ад пасады



Пастанова Савета міністраў ад 20 ліпеня № 556 „Аб вызваленні І.Г. Ласіцкага” з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Тэкст дакумента пакуль недаступны, аднак гаворка ідзе пра звальненне фігуранта крымінальнай справы з пасады намесніка міністра аховы здароўя.

Кандыдатуры на пасады намеснікаў міністраў узгадняюцца з Аляксандрам Лукашэнкам, непасрэднае прызначэнне робіцца пастановамі ўрада. Менавіта так Ігар Ласіцкі быў прызначаны на гэту пасаду 28 лютага 2013 года.

Пра затрыманне Ласіцкага паведаміў журналістам 11 ліпеня старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Ласіцкі быў змешчаны пад варту за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, па арганізацыі дзяржаўнай рэгістрацыі вырабаў медыцынскага прызначэння, а таксама лаяльнае стаўленне пры выбары пастаўшчыкоў медыцынскай тэхнікі. „Сумы хабараў вар’іраваліся ад 2,5 тыс. да 10 тыс. долараў”, — сказаў кіраўнік ведамства.

Паводле дадзеных на 11 ліпеня, за ўчыненне злачынстваў па арт. 430 (атрыманне хабару), арт. 431 (дача хабару) і арт. 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) у рамках „справы ўрачоў” КДБ затрымаў, заключыў пад варту і прымяніў іншыя меры стрымання ў дачыненні да 37 службовых асоб. Усяго ў справе больш за 60 фігурантаў.  БелаПАН