Затрыманы некалькі актывістаў абароны Курапатаў



Услед за інфармацыяй аб затрыманні сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца стала вядома пра затрыманне яшчэ некалькіх актывістаў, якія пратэстуюць супраць працы забаўляльнага комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім” у Курапатах.

У прыватнасці, прыкладна ў 10.00 30 чэрвеня ў Менску былі затрыманыя Вольга Нікалайчык, Дзяніс Урбановіч і Барыс Анікееў. „Нас схапілі каля дома Вольгі Нікалайчык. АМАП забраў нас у сіні мікрааўтобус і павёз у Першамайскае РУУС”, — паведаміў БелаПАН Анікееў.

У міліцыі яго пратрымалі прыкладна да 14.40, пасля адпусцілі без складання пратакола.

Актывіст не ведае пра лёс Вольгі Нікалайчык і Дзяніса Урбановіча. „Да мяне выйшаў міліцыянер і прасіў перадаць ад Вольгі, каб я пакарміў ката, таму што ў мяне засталіся ключы ад яе дома”, — дадаў актывіст.

Ён неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях па абароне Курапатаў. Сёння актывісту стала вядома, што па месцы жыхарства ў Гомелі яго чакаюць два адміністрацыйныя пратаколы, якія прыйшлі з Мінска па пошце.

belapan.by