Незалежнага журналіста Юрыя Дзешука змясцілі ў ІЧУ ў Лідзе (абноўлена)



Затрыманы 20 студзеня ў Бярозаўцы Лідскага раёну незалежны журналіст Юрый Дзяшук застанецца за кратамі найменей 72 гадзіны.

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Лідзе.

Калегі і сваякі мяркуюць, што затрыманне Юрыя Дзешука звязанае з крымінальнай справай, якую завялі з нагоды падтрымкі асуджанага на 5 гадоў зняволення Вітольда Ашурка.

Тады людзі ў зале суда абурыліся неадэкватным тэрмінам і скандавалі: «Ганьба!», «Жыве Беларусь!», «Верым! Можам! Пераможам!».

20 студзеня ў Лідзе і Бярозаўцы міліцыя затрымала многіх, хто за дзень да таго прысутнічаў на агалошванні прысуду актывісту. Юрый Дзяшук таксама быў на прысудзе, але на відэакадрах, якія потым распаўсюджваліся ў сацсетках, бачна, што ён заняты выключна журналісцкай працай.

* * * 

У горадзе Бярозаўка Лідскага раёна затрымалі незалежнага журналіста Юрыя Дзешука. Яго адвезлі ў міліцыю ў Ліду.

Магчыма, затрыманне звязанае з крымінальнай справай, якую завялі з нагоды падтрымкі палітвязня Вітольда Ашурка ў судзе.

Разам з Дзешуком быў затрыманы і брат Ашурка.

Зараз тэлефон незалежнага журналіста недасяжны.

Беларускае Радыё Рацыя