Затрыманы памочнік прэзідэнта Сяргей Раўнейка



Памочнік прэзідэнта — інспектар па Гарадзенскай вобласці Сяргей Раўнейка затрыманы Камітэтам дзяржбяспекі. Ён затрыманы „пры вымагальніцтве і атрыманні хабару ў памеры 200 тысяч долараў ЗША”, паведамляе прэс-служба КДБ.

У поле зроку аператыўных падраздзяленняў Раўнейка трапіў больш за год таму ў сувязі з інфармацыяй пра неаднаразовыя факты атрымання хабараў ад розных асоб за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю, — гаворыцца ў паведамленні. — З санкцыі кіраўніка дзяржавы праведзены аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па дакументаванні супрацьпраўнай дзейнасці службовай асобы. Пры атрыманні чарговага хабару ён затрыманы з грашыма ў руках„.

У дачыненні да Раўнейкі КДБ распачатая крымінальная справа па частцы 3 артыкула 430 Крымінальнага кодэкса, санкцыя якой прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў.

Падазраваны змешчаны ў СІЗА КДБ і дае прызнальныя паказанні.

Цяпер праводзяцца неабходныя аператыўна-вышуковыя і следчыя дзеянні, накіраваныя на высвятленне ўсіх фактаў і ўдзельнікаў супрацьпраўнай дзейнасці, адзначае прэс-служба.

Раўнейка быў прызначаны памочнікам прэзідэнта — галоўным інспектарам па Гарадзенскай вобласці 25 чэрвеня 2015 года. Да гэтага ён працаваў у Камітэце дзяржкантролю — займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю за працай галін матэрыяльнай вытворчасці КДК.   БелаПАН