Затрыманы старшыня Жодзінскага гарвыканкама



Пра затрыманне старшыні Жодзінскага гарвыканкама паведаміў вечарам 23 кастрычніка Следчы камітэт.

„Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь па матэрыялах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Рэспублікі Беларусь распачатая крымінальная справа па прыкметах злачынства карупцыйнай скіраванасці ў дачыненні да старшыні Жодзінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Расследаванне крымінальнай справы даручана галоўнаму ўпраўленню па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі цэнтральнага апарата Следчага камітэта. Падазроны затрыманы, з ім працуюць следчыя”, — адзначаецца ў рэлізе.

Вырашаецца пытанне аб ужыванні да службовай асобы меры стрымання. Следчыя сумесна з супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй „праводзяць комплекс аператыўна-следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, накіраваных на ўсталяванне ўсіх абставінаў здзейсненага злачынства”.

На пасаду старшыні Жодзінскага гарвыканкама 25 кастрычніка 2016 года Аляксандр Лукашэнка прызначыў Юрыя Шарага. Да гэтага Шары восем гадоў займаў пасаду першага намесніка старшыні выканкама. Раней узначальваў Івянецкі пасялковы выканкам.

У пачатку кастрычніка гэтага года ў інтэрв’ю парталу „Млын.by” Шары заявіў: „Пра чалавека кажуць перш за ўсё яго справы і ўчынкі. Няхай людзі лепш з гэтага пункту гледжання нас ацэньваюць, а не судзяць па нейкіх аўтабіяграфічных дадзеных. Сёння мне не сорамна, сустракаючыся з жодзінцамі, глядзець ім у вочы”.

belapan.by