Затрыманы супрацоўнік „Менскметрабуда”, які падазраецца ў крадзяжы



Міліцыя затрымала падазраванага ў крадзяжы супрацоўніка „Менскметрабуда”.

Як паведаміла ГУУС Менгарвыканкама, Кастрычніцкім (Менска) раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па матэрыялах АБЭЗ Кастрычніцкага РУУС Менска распачата справа па ч. 2 арт. 210 КК Рэспублікі Беларусь (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненні да службовай асобы УП „Мінскметрабуд”. Як высветлілі аператыўнікі, злачынства было ўчынена групай асобаў па папярэдняй змове.

У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў устаноўлена, што службовая асоба „Менскметрабуда” па папярэдняй змове з прадстаўніком камерцыйнай арганізацыі на працягу многіх гадоў на сістэматычнай аснове ўчынялі крадзеж таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, якія належаць прадпрыемству.

Так, 28 ліпеня пры ўчыненні чарговага крадзяжу падазраваны па папярэдняй змове з прадстаўніком камерцыйнай арганізацыі завалодалі больш як 4 тонамі металалому. У момант ўчынення злачынства абодва фігуранты былі затрыманыя.

Вядзецца папярэдняе расследаванне.

belapan.com