Затрыманы ў Магілёве журналіст Уладзімір Лапцэвіч абвясціў галадоўку



Затрыманы ў Магілёве журналіст Уладзімір Лапцэвіч абвясціў галадоўку пратэсту, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Карэспандэнт „Магілёўскага рэгіёна” і член БАЖ Лапцэвіч быў затрыманы вечарам 5 жніўня. Ён прыехаў да Ленінскага РАУС падтрымаць дастаўленага туды раней супрацоўнікамі ДАІ журналіста Аляксандра Буракова-старэйшага. У сувязі з нядопускам у будынак міліцыі Лапцэвіч пакінуў запіс у кнізе скаргаў і прапаноў. Праз некаторы час да яго выйшаў супрацоўнік міліцыі і папрасіў яго прайсці з ім у РАУС нібыта для апытання адносна яго скаргі. Журналіст з аддзела міліцыі не выйшаў.

Раніцай 6 жніўня стала вядома, што Лапцэвіча затрымалі нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У той жа дзень, паводле інфармацыі БАЖ, ён абвясціў галадоўку.

Судзіць абодвух журналістаў будуць 7 жніўня. Буракова — у 10.30 нібыта за дробнае хуліганства, Лапцэвіча — у 14.30 за непадпарадкаванне міліцыі.

Як паведамлялася, 6 жніўня каля суда Кастрычніцкага раёна Магілёва быў затрыманы журналіст Аляксандр Буракоў-малодшы. Паводле слоў намесніка старшыні БАЖ Алега Агеева, які стаў відавочцам затрымання, Буракоў сядзеў на лавачцы, чакаў з бабуляй і дзядулем, калі прывязуць у суд Аляксандра Буракова-старэйшага і Уладзіміра Лапцэвіча. Яго затрымалі, завялі ў будынак суда, потым пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі.

belapan.by

Фота mspring.online