Затрыманы ўдзельнік абароны Курапатаў Аляксей Туровіч
Каля 19 гадзін 12 чэрвеня затрыманы адзін з актыўных удзельнікаў абароны ўрочышча Курапаты Аляксей Туровіч.
Гэта адбылося на выхадзе з Курапатаў, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Прычыны затрымання міліцыя не назвала, сказаўшы, што трэба праехаць для разбору.
Раней затрымлівалі іншых абаронцаў Курапатаў: Севярынца, Вольгу Нікалайчык, Дзяніса Урбановіча. Пасля складання адміністрацыйных пратаколаў (як правіла, за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі або дробнае хуліганства) іх адпускалі з міліцыі.
Акцыі супраць адкрыцця каля Курапатаў комплексу з рэстаранам „Паедзем паядзім” праводзяцца з 31 мая. Рэстаран ужо працуе, але актывісты штодня спрабуюць перашкаджаць яго дзейнасці, не даючы праязджаць на тэрыторыю комплексу аўтамабіляў.