Затрыманых 1 верасня ў Менску журналістаў адвезлі з Кастрычніцкага РУУС у ЦІП на Акрэсціна



Затрыманых падчас студэнцкай акцыі пратэсту 1 верасня ў Менску журналістаў перавезлі з УУС Кастрычніцкага раёна ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у 1-м завулку Акрэсціна. Пра гэта паведаміў сёння ўвечары журналістам, што дзяжурылі каля РУУС, супрацоўнік міліцыі, які выйшаў з будынка.

Журналісты звязаліся з прэс-сакратаром ГУУС Мінгарвыканкама Наталляй Ганусевіч, якая паабяцала, што ў ЦІП у іх прымуць перадачу (рэчы і ежу) для калег, паколькі там іх цяпер ніхто карміць не будзе.

Учора былі затрыманыя фотакарэспандэнт БелаПАН Андрэй Шаўлюга, журналісты tut.by Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў, супрацоўнікі „Комсомольской правды” в Белоруссии” фатограф Святаслаў Зоркі, аператар Мікіта Недаверкаў і карэспандэнт Марыя Эляшэвіч. На іх былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Пратаколы на Суднікава, Калініну, Недаверкава, Эляшэвіч і Шаўлюгу былі адпраўленыя на дапрацоўку, аднак журналістаў не адпусцілі.

belapan.by