Затрыманых на акцыі па зборы дапамогі арыштаваным садзяць на суткі



Усіх вінавацяць па арт. 17.1 „Дробнае хуліганства”. Вядома, што шмат да каго з затрыманых увечары прыходзілі з аглядамі і вобшукамі. 

У судзе справы размеркаваныя ўжо па суддзях, аднак грамадзян пакуль у будынак суда не пускаюць.

Cтала вядома, што Хрысціну Чарняўскую асудзілі на 15 сутак арышту.

****

Затрыманых 24 сакавіка на вуліцы Фабрыцыуса даставілі ў суд Маскоўскага раёна Менска. Пра гэта БелаПАН паведаміла Таццяна Суша — маці аднаго з затрыманых Паўла Патапава.

Паводле яе слоў, аўтазак з затрыманымі заехаў на абгароджаную тэрыторыю будынка суда, затрыманых вывелі з аўтамабіля ў будынак. Пры гэтым цэнтральны ўваход у будынак суда зачынены. Сваякі затрыманых чакаюць адваката.

Нагадаем, 24 сакавіка ў офісе Беларускай партыі „Зялёныя” на вуліцы Фабрыцыуса праходзіў збор дапамогі затрыманым за ўдзел у акцыях пратэсту. Усіх удзельнікаў збору затрымалі і даставілі ў Маскоўскае РУУС — усяго 13 чалавек, у тым ліку журналістаў. Пасля журналістаў адпусцілі.

Дома ў адной з затрыманых — эколага Крысціны Чарняўскай — прайшоў вобшук. Таксама вобшук адбыўся дома ў эколага Марыны Дубінай, якая была затрыманая пасля „Маршу недармаедаў” 15 сакавіка і арыштаваная на 14 сутак.