Затрыманых пад Смалявічамі артыстаў арыштавалі на 15 сутак
Пачаўся разгляд адміністрацыйных пратаколаў, якія былі складзеныя ў дачыненні да затрыманых увечары 13 лютага ўдзельнікаў канцэрта беларускіх гуртоў на базе адпачынку „Агеньчык” пад Смалявічамі (Менская вобласць).
15 сутак арышту атрымалі спявачка LEAR (Валерыя Суравіцкая), басіст гурту „РСП” („Разбітае сэрца пацана”) Андрэй Восіпчык і яшчэ адзін удзельнік гурту, акцёр і рэжысёр „Беларускага свабоднага тэатра” Павел Гарадніцкі, паведамляе Фонд культурнай салідарнасці.
Пратаколы ў дачыненні да музыкантаў Дзяніса Тарасенкі і Аляксандра Кавалёва будуць разгледжаныя 16 лютага.
Усяго было затрымана 68 чалавек, з іх 59 даставілі ў жодзінскі ізалятар часовага ўтрымання да суда.