Затрыманых у Ганцавічах журналістаў будуць судзіць
Супрацоўнікаў газеты «Ганцавіцкі час» і сайта «Першы рэгіён» Сяргея Багрова і Аляксандра Пазняка, затрыманых у Ганцавічах увечары 20 чэрвеня падчас трансляцыі стыхійнай акцыі «Ланцуг салідарнасці», будуць судзіць, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Іх вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі.
Працэс адбудзецца 22 чэрвеня. Багроў і Пазняк застаюцца пад вартай у Ганцавіцкім РАУС. Галоўны рэдактар газеты Пётр Гузаеўскі запатрабаваў вызваліць журналістаў і заявіў, што падае скаргу на дзеянні міліцыі.
Паводле яго слоў, у Пазняка сіняк, да журналіста выкарыстоўвалі меры фізічнага ўздзеяння, яму пагражалі, абражалі, пры затрыманні да асфальту прыціскалі каленам. «Мы будзем пісаць заяву і патрабаваць правядзення службовай праверкі, у тым ліку ва ўпраўленне ўласнай бяспекі і Генеральную пракуратуру. Знімем пабоі», – сказаў Гузаеўскі, словы якога прыводзіць «Першы рэгіён». Галоўны рэдактар не выключыў фізічнага гвалту і ў дачыненні да Багрова.
Усяго ў Ганцавічах падчас суботняй акцыі салідарнасці з грамадзянамі, арыштаванымі ў перыяд збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, затрымалі каля 10 чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя