Затрыманых у Пінску перавозяць у папраўчую калонію ў Івацэвічах
Каля 40 чалавек з Пінску перавезлі ў папраўчую калонію № 5, што ў Івацэвічах. Пра гэта сцвярджаюць сваякі і сябры затрыманых, якія прыходзяць з надзеяй хоць на нейкую інфармацыю да Пінскага ГАУСа. Дакладная лічба арыштаваных у Пінску дагэтуль не вядомая, пакуль грамадскія актывісты агучваюць колькасць затрыманых да 200 чалавек. Нехта ўжо пакараны штрафам і трапіў “на суткі”.
Па словах пінскага блогера Мікалая Клімовіча, затрыманні ў горадзе не спыняюцца з панядзелка:
– Тое, што зараз у горадзе адбываецца, гэта вельмі страшна. Міліцыя бясчынствуе. Яны ведаюць, што іх за гэта не пакараюць. Яны чыняць тое, што хочуць. Без прычын затрымліваюць людзей на вуліцы.
Нягледзячы на гэта, у Пінску тры дні запар ладзілася мірная акцыя “жаночы ланцуг салідарнасці”. На цэнтральных вуліцах Пінска неабыякавыя грамадзяне патрабуюць спынення гвалту і неадкладнага вызвалення затрыманых.
Беларускае Радыё Рацыя, Пінск
Фота: postalovsky-a.livejournal.com