Затрыманым членам страйкаму „Беларуськалія” прысудзілі арышты ды штрафы
Суд Салігорскага раёна вынес рашэнні ў дачыненні да васьмі членаў страйкама „Беларуськалія” ды іншых актывістаў, затрыманых падчас прагулкі 28 лютага.
Як паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтра „Вясна”, падчас затрымання і ў РУУС да іх ужывалі фізічную сілу, у аўтобусе распылілі пярцовы газ. На ўсіх затрыманых былі складзеныя пратаколы на падставе ч. 3 арт. 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна на працягу года) і 23.4 КаАП (непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы).
Працэсы вялі суддзі Юрый Блоцкі, Валерый Рабы і Алеся Серадзенка.
У выніку актывісткі Вольга Гундзер, Алена Бордзіч і Наталля Краўчанка атрымалі штрафы па 60 базавых велічынь кожная (1.740 рублёў), Надзея Асіпян — 45 б. в. (1.305 рублёў), Вольга Канановіч — 80 б. в. (2.320 рублёў).
Андрэю Магілёўцу і Антону Дзямкову суд прызначыў адміністрацыйны арышт на 15 сутак, Мікіту Калодкіну — на 30 сутак.
Канстанцін Дзяцееў пасля затрымання знаходзіцца ў лякарні.
Фота: naviny.online