Затрыманым за салют расейцам выстаўлена абвінавачанне



Двум расейцам, затрыманым у Беларусі ў сувязі са здарэннем падчас салюту 3 ліпеня ў Менску, выстаўленае абвінавачванне, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар пасольства РФ Сяргей Араеў.

Абвінавачванне выстаўленае па ч. 2 арт. 299 КК (парушэнне правілаў абыходжання з выбухованебяспечнымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

„Затрыманыя па-ранейшаму знаходзяцца ў следчым ізалятары”, — дадаў Араеў.

Вечарам 3 ліпеня падчас святочнага салюту ў Менску „адбыліся чатыры выбухі феерверачных вырабаў, у выніку чаго разбураныя салютныя ўстаноўкі, разлётам аскепкаў нанесеныя цялесныя пашкоджанні не менш як 10 грамадзянам”. Адна жанчына, нягледзячы на аператыўна аказаную медыцынскую дапамогу, памерла на месцы здарэння. Акрамя таго, пашкоджаныя размешчаныя паблізу будынкі і збудаванні.

Следчы камітэт распачаў справу.

4 ліпеня былі затрыманыя двое падазраваных — прадстаўнікі расійскага прадпрыемства — пастаўшчыка феерверкаў. Паводле звестак следства, устаноўлена, што яны „дапусцілі парушэнне парадку працы з феерверачнымі вырабамі”. „А менавіта ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі пры зараджанні марцір, не прадугледжанае правіламі абыходжання з імі”, — гаварылася ў паведамленні СК.

28-гадовы і 25-гадовы мужчыны прыбылі ў Беларусь спецыяльна для аказання тэхнічнай і іншай дапамогі пры падрыхтоўцы да святочнага салюту.