Затрыманыя 1 верасня студэнты БНТУ і БДУ атрымалі штрафы і адміністрацыйны арышт



Затрыманыя 1 верасня студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) і Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ) атрымалі штрафы і адміністрацыйны арышт.

У тэлеграм-канале страйкама БДУ сёння паведамлялася, што падчас студэнцкага маршу было затрымана 15 студэнтаў і выкладчыкаў. „12 чалавек выпусцілі без пратакола на парукі, заступіўся ўніверсітэт. Трох чалавек не аддалі, на іх будуць пратаколы, з іх двум дакладна штрафы, па апошнім невядома”, — адзначалася ў паведамленні.

Як заявіла БелаПАН прадстаўніца студэнцкага актыву з архітэктурнага факультэта БНТУ, Вікторыю Гранкоўскую, якая збірала подпісы пад петыцыяй рэктару, арыштавалі на сем сутак. Затрыманы разам з ёй каля ўваходу ў ВНУ Уладзіслаў Стасевіч атрымаў штраф у памеры 15 базавых велічынь (405 рублёў) і адпушчаны з залы суда. Затрыманы падчас студэнцкага маршу Дзмітрый Крыванос атрымаў 10 сутак.

Усіх траіх судзілі па ч. 1 арт. 23.34 і 23.4 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства і непадпарадкаванне патрабаванню службовай асобы).

Сёння, паводле слоў суразмоўніцы БелаПАН, студэнты БНТУ напісалі калектыўны ліст на імя першага прарэктара Георгія Вяршыны з патрабаваннем растлумачыць, на якой падставе былі затрыманыя студэнцкія актывісты на тэрыторыі ВНУ. Яго падпісалі каля двух дзясяткаў студэнтаў і іх бацькі. У сакратарыяце, куды яны аднеслі ліст, заявілі, што разгледзяць яго на працягу месяца.

Акрамя таго, два прадстаўнікі студэнтаў сёння хадзілі на прыём у рэктарат, дзе ім пацвердзілі, што АМАП, які знаходзіцца на тэрыторыі ўніверсітэта другі дзень, запрошаны рэктаратам для абароны студэнтаў. „Таксама ім паведамілі, што ўсе мітынгі і збор подпісаў пад петыцыямі незаконныя. Сказалі, што па-за вучобай вы можаце хадзіць на мітынгі і г.д., але, калі прыйдзе інфармацыя аб вашым затрыманні, гэта будзе разглядацца ў асабістым парадку. Адміністрацыя ўніверсітэта заняла такую пазіцыю: у палітыку мы не лезем, ёй не займаемся і дапамагаць студэнтам, якія трапілі ў рукі сілавікоў, не будзем”, — расказала студэнтка.

Яна таксама паведаміла, што студэнты БНТУ і яшчэ як мінімум дзвюх буйных ВНУ пачалі масава пісаць заявы на выхад з БРСМ. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзілі і ў студэнцкім актыве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Паводле інфармацыі МУС, напярэдадні за ўдзел у пратэстных акцыях было затрымана 128 чалавек. За парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Мінску ў дачыненні да 95 чалавек, у тым ліку ў дачыненні да больш чым 30 студэнтаў, складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Да судовага разбору 39 чалавек затрымана. Пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна” паведамляе, што суды, якія адбыліся 2 верасня, каралі студэнтаў штрафамі і арыштам на тэрмін ад 5 да 15 сутак.

belapan.by