Затрыманыя на пікетах скардзяцца на ўмовы ўтрымання на Акрэсціна
Актывісты, якія адбылі адміністрацыйныя арышты за ўдзел у легальных пікетах па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, скардзяцца на ўмовы ўтрымання ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна ў Менску.
Сёння, 15 чэрвеня, выйшаў на волю першы сакратар не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі „Малады фронт” Максім Урбановіч, асуджаны 3 чэрвеня на адміністрацыйны арышт за ўдзел у пікеце 31 траўня каля Камароўскага рынку. Ён расказаў тым, хто яго сустракаў, што з грамадскіх актывістаў здзекуюцца і шантажуюць іх. На дзень у іх адбіраюць матрацы, забараняюць ляжаць, штодня выліваюць на падлогу вядро з хлёркай, хлёркай абліваюць асабістыя рэчы. На скаргі затрыманых работнікі ЦІП адказваюць: „Скажыце дзякуй палітычным, гэта з-за іх”.
Словы Урбановіча пацвердзіў яшчэ адзін актывіст, які выйшаў сёння з ЦІП, — Сяргей Мацкойць.
Жонка апазіцыйнага палітыка Паўла Севярынца Вольга напісала ў „Фэйсбуку”, што яе муж зведвае катаванні. „Сёння патэлефанаваў чалавек, які сядзеў з Паўлам, і сказаў, што Паўлу далі яшчэ два пратаколы па 15 сутак — у цэлым атрымліваецца 75 сутак, забралі ўсе рэчы, у тым ліку зубную шчотку, цёплае адзенне, сродкі гігіены, а таксама ўжо два разы адпраўлялі ў КПЗ, дзе вельмі холадна. Паша просіць, каб перадалі перадачу хоць якую-небудзь, але мы не можам гэтага зрабіць, таму што перадачы не прымаюць”, — піша Вольга Севярынец. Яна просіць дапамогі ў тых, хто „неяк можа паўплываць на тое, што робяць з Паўлам”, і выказвае асцярогу за яго жыццё.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец 8 чэрвеня быў арыштаваны на 15 сутак паводле рашэння суда Фрунзенскага раёна Менска. Напярэдадні ён правёў ля Камароўскага рынку „народны пікет свабоды і салідарнасці”. Падчас акцыі Севярынец звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з яго нядаўняй заявай, што „мы гэтую краіну нікому не аддадзім”. „Аляксандр Рыгоравіч, гэта не твая краіна. Ты таптаў сцяг гэтай краіны, прыніжаў яе грамадзян, яе народ. Са сваёй радзімай так не робяць”, — сказаў Севярынец.
На просьбу БелаПАН пракаментаваць скаргі на ўмовы ўтрымання ў ЦІП афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава заявіла: тое, што прагучала з вуснаў актывістаў, не адпавядае рэчаіснасці.
„Гэтая інфармацыя не адпавядае абсалютна рэчаіснасці, што хтосьці кагосьці там катуе. У нас, вядома, праводзяцца эпідэміялагічныя мерапрыемствы, што да апрацоўкі і дэзінфекцыі, у памяшканнях у тым ліку. Але выключна ўсё гэта ў адпаведнасці з патрабаваннямі і абсалютна не так, як гэта падаецца ў мэсэнджарах грамадзянамі”, — сказала Чамаданава.
Паводле яе слоў, перадачы ў ЦІП забароненыя „выключна ў мэтах бяспекі” з-за эпідэміялагічнай сітуацыі. „І гэта звязанае толькі з гэтым, не трэба перабольшваць сітуацыю зусім па-іншаму, уяўляць тое, чаго няма, — сказала Чамаданава. — Усе, хто адбываюць пакаранне ў ЦІП, забяспечаныя як харчаваннем, так і вадой. Не трэба думаць аб тым, што там гэтага няма. Усё ёсць. Усё прадугледжанае, таму не варта непакоіцца наконт гэтага”.
Што да Севярынца, то Чамаданава заявіла, што ніякія рэчы ў яго не канфіскоўваліся. „Я так разумею, што калі б у яго былі ў наяўнасці гэтыя ўсе сродкі гігіены, то яны б і засталіся, яны б не канфіскоўваліся. Хутчэй за ўсё, іх проста не было першапачаткова”, — сказала яна.
Афіцыйны прадстаўнік МУС дадала: „Абсалютна не трэба перабольшваць сітуацыю і ўяўляць тое, чаго няма. Усё, што належыць, выконваецца. Ніякіх на сённяшні дзень скаргаў з боку людзей, якія адбываюць пакаранне, не паступала, у тым ліку на адрас кіраўніцтва гэтага ЦІП”.
belapan.by