Затрыманыя па «справе Зельцэра» утрымліваюцца ў турме ў жахлівых умовах



Амаль усіх затрыманых за каментары па «справе Зельцэра» з усёй Беларусі ўтрымліваюць у жодзінскай турме №8. Але з моманту, калі іх туды перавялі, там абвясцілі каранцін, праз які затрыманых абмежавалі ва ўсім, перадаюць праваабаронцы. Як паведамляюць сваякі затрыманых па «справе Зельцэра», у жодзінскай турме №8 палітвязням не перадаюць ні перадачы, ні лісты, а да некаторых нават не пускаюць адвакатаў. Фактычна ўсе фігуранты «справы Зельцэра» ўжо тры тыдні сядзяць у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў.

Па «справе Зельцэра» праходзіць каля 200 чалавек. Іх затрымалі за каментары пад паведамленнем пра гібель супрацоўніка КДБ. Дзмітрый Федасюк быў застрэлены айцішнікам Андрэем Зельцэрам 28 верасня. Супрацоўнікі КДБ нібыта праводзілі планавую адпрацоўку людзей, якія маглі мець дачыненне да «тэрарыстычнай дзейнасці». Пры спробе трапіць у кватэру Зельцэра Федасюк быў застрэлены. Да гэтага часу невядома, у чым падазравалі Зельцэра.