Затрыманыя пастаўшчыкі мараканскага гашышу ў краіны ЕАЭС
Мастоўскім раённым аддзелам Следчага камітэта Беларусі распачата крымінальная справа па ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).
Як паведамляе МУС Беларусі, на мінулым тыдні ў вёсцы Мікелеўшчына Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС сумесна з калегамі з УУС Гарадзенскага аблвыканкама, а таксама Мастоўскага і Шчучынскага РАУС затрымалі пастаўшчыкоў мараканскага гашышу ў краіны ЕАЭС. Да спецаперацыі прыцягваліся сілы дзяржаўных мытнага і пагранічнага камітэтаў.
У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па спыненні канала пастаўкі наркатычных сродкаў затрыманыя жыхар Баранавічаў 1987 года нараджэння і раней судзімы за крадзеж мужчына са Слуцка 1971 года нараджэння, абодва нідзе не працуюць. У іх у аўтамашыне выяўлена і канфіскавана 39,7 кг гашышу.
Адзін з падазраваных быў пазбаўлены права кіравання транспартнымі сродкамі. Для дастаўкі „тавару” з-за мяжы ў якасці кіроўцы ён прыцягнуў сваю сяброўку.
„У мэтах канспірацыі яна падыходзіла на прыгатаваную ролю: хто можа ў чымсьці западозрыць удаву, маці дваіх малалетніх дзяцей? Дарэчы, сама маладая мама не падазравала, якую „дапамогу” аказвае каханаму. Вядома, што ў адной з краін Заходняй Еўропы наркадзялкі-цынікі, нібыта клапоцячыся пра яе дзяцей, адправілі жанчыну ў краму за пакупкамі. За гэты час „Опель”, якім яна кіравала, быў пераабсталяваны запраўленым паліўным газавым балонам, ужо напоўненым пакетамі з гашышам”, — паведамляе МУС.
Паводле слоў супрацоўнікаў беларускага наркакантролю, з пачатку 2017 года на тэрыторыі рэспублікі зафіксавана павелічэнне выпадкаў выяўлення і канфіскацыі партый гашышу (16 з 22 перакрытых сёлета каналаў). Паводле дадзеных міжнародных арганізацый, прыкладна 40% гашышу ў свеце вырабляюць менавіта ў Марока. Наркотык оптам ідзе з Еўропы праз Беларусь у Расею. Затым некаторая частка больш дробнымі партыямі з Масквы вяртаецца ў Беларусь.
belapan.by