Паўла Севярынца і Вольгу Нікалайчык адпусцілі з міліцыі (абноўлена)



Паўла Севярынца адпусцілі з міліцыі, склаўшы ў дачыненні да яго чатыры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Пратаколы складзеныя за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі ля Курапатаў, за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі, за дробнае хуліганства і за перашкоды ў працы грамадскай установы. У Менскім РУУС на вуліцы Скарыны палітык правёў каля дзвюх гадзінаў. 

Вольгу Нікалайчык таксама адпусцілі, склаўшы ў дачыненні да яе два пратаколы. 

Яны разам з іншымі актывістамі  ўдзельнічалі у акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага цэнтра з рэстаранам „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты. Акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля Курапатаў доўжацца з 31 траўня.

* * * 

У Менску затрыманы сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. Пра гэта паведаміла ў „Фэйсбуку” яго жонка Вольга Севярынец.

Севярынец сёння разам з іншымі актывістамі ўдзельнічаў у акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага цэнтра з рэстаранам „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты.

Як паведаміў БелаПАН сведка затрымання актывіст Дзяніс Урбановіч, гэта адбылося на вуліцы Мірашнічэнкі каля дома № 58. Да іх падышоў адзін міліцыянер у форме і адзін супрацоўнік праваахоўных органаў у цывільным з відэакамерай. Міліцыянер паведаміў, што ў дачыненні да Севярынца вядзецца адміністрацыйны працэс, і прапанаваў яму прайсці з імі. Затым палітыка „груба схапілі, не далі патэлефанаваць, засунулі ў машыну”, паведаміў Урбановіч.

Жонка Севярынца таксама паведамляе, што затрыманне правяла міліцыя Менскага раёна. Аднак актывісты, якія знаходзіліся з Севярынцам у момант затрымання, не выключаюць, што палітыка могуць даставіць у Савецкае РУУС.

У Менску таксама затрыманая актывістка Вольга Нікалайчык, якая сёння ўдзельнічала ў акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага цэнтра з рэстаранам „Паедзем паядзім” каля ўрочышча Курапаты.

Як паведаміў БелаПАН актывіст Леанід Кулакоў, Нікалайчык паспела сказаць яму пра затрыманне з міліцэйскай машыны.

Цяпер тэлефон актывісткі недаступны. Кулакоў мяркуе, што яе павезлі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, якое размешчана ў Бараўлянах.

belapan.by