Затрыманыя службовыя асобы „Беларуськалія”



Галоўным упраўленнем па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрыманыя ў Менску службовыя асобы ААТ „Беларуськалій”.

Як паведамляе прэс-служба міністэрства, у хабарніцтве падазраюць начальніка аддзела кіравання інвестыцыямі і суправаджэння будаўніцтва і намесніка генеральнага дырэктара па будаўніцтве ААТ „Беларуськалій”. Апошні затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні ад кіраўніка адной з камерцыйных структур хабару ў 10 тысяч долараў ЗША за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю.

Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта ў дачыненні да згаданых службовых асоб, затрыманых на мінулым тыдні, распачатая справа на падставе ч. 2 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў буйным памеры).

„У дачыненні да хабарадаўцы распачатая крымінальная справа на падставе ч. 2 арт. 431 КК Рэспублікі Беларусь (даванне хабару ў буйным памеры), — гаворыцца ў паведамленні. — Зараз усе ўдзельнікі карупцыйнай „здзелкі” ўзятыя пад варту, праводзяцца следча-аператыўныя мерапрыемствы, скіраваныя на ўсталяванне ўсіх абставінаў здзяйснення гэтых злачынстваў”.

belapan.by