Затрыманыя супрацоўнікі „Нашай Нівы” не адпушчаныя на волю праз 72 гадзіны



Супрацоўнікі „Нашай Нівы” — галоўны рэдактар сайта nn.by Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар часопіса „Наша гісторыя” Андрэй Дынько, кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу, галоўны рэдактар выдання ў 2006—2017 гадах Андрэй Скурко і бухгалтар Вольга Раковіч — не адпушчаныя на волю праз 72 гадзіны пасля затрымання, паведамляе рэдакцыя.

На працягу 10 дзён ім павінна быць выстаўленае абвінавачванне і вызначаная мера стрымання. Калі абвінавачванне не будзе выстаўленае, іх павінны адпусціць.

У дамах затрыманых, рэдакцыі і бухгалтэрыі „НН” 8 ліпеня прайшлі вобшукі. Паводле звестак рэдакцыі, вобшукі і допыты супрацоўнікаў праводзіліся па артыкулах Крымінальнага кодэкса 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 293 (масавыя беспарадкі).

Марціновіч быў затрыманы першапачаткова на 72 гадзіны паводле падазрэння ва ўчыненні злачынства на падставе арт. 342. Падчас допыту ў Следчым камітэце яму выклікалі хуткую дапамогу. „НН” сцвярджае, што пры затрыманні Марціновіча збілі. У сацсетках з`явіўся кароткі відэазапіс, як журналіст ідзе па двары ў суправаджэнні невядомых з рукамі за спінай.

Андрэй Скурко хворы на інсуліназалежны цукровы дыябет, яму дазволілі ўзяць у ізалятар часовага ўтрымання лекі з разліку на трое сутак.

Раніцай 8 ліпеня сайт nn.by перастаў адкрывацца. Міністэрства інфармацыі паведаміла, што прыняло рашэнне пра блакаванне сайта „на падставе апавяшчэння Генпракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забароненае пунктам 1 артыкула 38 закона Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”.

Вобшукі ў рэдакцыях недзяржаўных медыя і ў журналістаў працягваліся два дні, 8 і 9 ліпеня, і спыніліся альбо прыпыніліся з надыходам выхадных. У зоне цікавасці сілавікоў апроч „Нашай Нівы” апынуліся Intex-press (Баранавічы, Брэсцкая вобласць), „Ганцавіцкі час”, „Першы Рэгіён” (Ганцавічы, Брэсцкая вобласць), „Информ-прогулка” (Лунінец, Брэсцкая вобласць), Media-Polesye (Пінск, Лунінец), orsha.eu (Орша, Віцебская вобласць), „Брестская газета”, „Віртуальны Брэст”, „Сильные новости” (Гомель), onliner.by. Па ўсёй краіне 8 ліпеня было затрымана не менш за 19 прадстаўнікоў медыясферы, а таксама грамадскіх актывістаў. Праз 72 гадзіны некаторых адпусцілі, у тым ліку рэдактара аршанскага рэгіянальнага партала orsha.eu Ігара Казмерчака (падазраецца па артыкуле 218 КК — наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) і фрылансара, які супрацоўнічае з польскім тэлеканалам „Белсат” (не мае акрэдытацыі на працу ў Беларусі), Дзмітрыя Лупача (Глыбокае, затрымлівалі ў санаторыі, дзе ён адпачываў).

У сувязі з апошнімі падзеямі, баючыся арышту, краіну пакінулі некалькі вядомых палітычных журналістаў, у тым ліку Віталь Цыганкоў („Радыё Свабода”/”Белсат”), Зміцер Лукашук („Еўрарадыё”), Таццяна Каравянкова (БелаПАН).

„Я не ведаю, у якіх працэнтах можна ацаніць верагоднасць майго затрымання, але відавочна, што незалежна ад маіх дзеянняў гэты працэнт кардынальна павялічыўся за апошнія тыдні… Цяпер яны спачатку бяруць — потым вырашаюць, што б павесіць. Так што гэта не тая латарэя, у якую хочацца гуляць — „прыйдуць, не прыйдуць”, — напісаў Цыганкоў у сацсетках.

belapan.by