Затрыманыя журналісты „Белсата” Любоў Лунёва і Дзмітрый Солтан
Затрыманыя журналісты тэлеканала „Белсат” Любоў Лунёва і Дзмітрый Солтан. Цяпер яны ў ЦІП на Акрэсціна ў Менску, паведамляецца ў тэлеграм-канале тэлеканала.
Адзначаецца, што сёння днём іх тэлефоны былі недаступныя. Паводле папярэдняй інфармацыі, журналістаў затрымалі супрацоўнікі Савецкага РУУС Менска.
Варта адзначыць, што затрыманне адбылося напярэдадні пачатку суда над журналісткамі „Белсата” Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Разгляд іх крымінальнай справы пачнецца 9 лютага ў судзе Фрунзенскага раёна сталіцы.
Журналісткі былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года пасля жывога эфіру з месца разгону сілавікамі дэманстрантаў — на „плошчы Перамен” у Менску (двор на вуліцы Чарвякова). Абедзвюм было выстаўленае абвінавачанне па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Беларускія праваабаронцы прызналі Андрэеву і Чульцову палітвязнямі. З заклікам вызваліць журналістак выступілі пасольства ЗША ў Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Нямецкі саюз журналістаў і іншыя арганізацыі.