Затрыманні ў Гародні
Пасьля акцыі пратэсту ў Гародні на плошчы Савецкай непадалёк прыпынку грамадскага транспарту пачаліся гвалтоўныя затрыманні, – паведаміў у facebook рэдактар беларускай службы супольнасці InformNapalm Дзяніс Івашын:
„На актывістаў, якія несьлі расьцяжку з фотаздымкамі затрыманых лідараў апазіцыі, напалі невядомыя, кінулі на зямлю і пачалі гвалтоўна запіхваць у „Газель”.
Удалося адбіць адную жанчыну, якую шмат прысутных людзей (сярод іх былі тыя, хто ня ўдзельнічаў у мітынгу) узялі разам з ціхарамі ў кола. У выніку не далі зьдзейсьніць затрыманьне і нават даведаліся прозьвішчы гэтых архараўцаў, якія парвалі жанчыне куртку: 1) баец 1-й роты АМАП ППСМ УУС Гарадзенскага гарвыканкама старэйшы лэйтенант Чырыцкі Сяргей Уладзімеравіч; 2) Валхановіч, імя і званьне ўдакладняюцца.
Гарадзенцы, дзякуй за вашую Салідарнасьць, вы неймаверныя!!!”
Таксама, ужо калі закончыўся мітынг, затрыманы быў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Лаўрэнцьеў, якога даставілі ў Ленінскі РАУС па падазрэнні ў крадзяжы дамскай торбачкі.