Завочныя пратаколы за мітынг 22 лютага (абноўлена)
Некаторыя ўдзельнікі мітынгу ў падтрымку прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску 22 лютага, пачалі атрымліваюць міліцэйскія копіі пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. Атрымаў такую паперу і сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец. Але позвы ў суд яму яшчэ не было, – удакладняе палітык.
– Насамрэч мне прыйшла пакуль толькі копія пратакола. Гэта значыць, што яны склалі пратакол і справу перадаюць у суд, але позва з суда з прызначэннем даты суда яшчэ не было. Іншымі словамі, яны ўжо абвінавачваюць мяне па частцы трэцяй артыкула 23.34, але яшчэ невядома, калі будуць судзіць.
Копіі пратакаколаў атрымалі таксама грамадскія актывісты Ніна Багінская, Вера Ціцянкова і Леанід Кулакоў, апошняму з іх ужо даслалі і павестку ў суд на 10 сакавіка.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Грамадская актывістка, пенсіянерка Ніна Багінская атрымала копію пратакола па выніках мітынгу індывідуальных прадпрымальнікаў, які адбыўся на Кастрычніцкай плошчы Менску 22 лютага. Дакумент быў дасланы паштовым лістом, і ў ім паведамляецца, што актывістка «ўдзельнічала ў мітынгу», бо «выгуквала лозунгі», у тым ліку «Жыве Беларусь».
У сапраўднасці, Ніна Багінская прыйшла на плошчу падтрымаць дробных гандляроў не выгукваннем лозунгаў, а з бел-чырвона-белым сьцягам у руках. Падчас акцыі супрацоўнікі міліцыі да яе не падыходзілі, а тым больш не складалі адміністрацыйны пратакол. Гэткім чынам, абвінавачанне паводле адміністрацыйнага пратаколу аб удзеле ў несанкцыянаванай вулічнай акцыі Ніне Багінскай было выстаўлена завочна, а пратакол складзены без яе пашпартных звестак. Адначасна, пра суд у справе прызначанага адміністрацыйнага правапарушэння ў дасланым пратаколе ці іншых дакументах не паведамляецца.
Таксама копіі пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі атрымала грамадская актывістка Вера Ціцянкова і палітычныя актывісты Павал Севярынец і Леанід Кулакоў, якія таксама прымалі ўдзел у мітынгу і шэсці прадпрымальнікаў ў Менску 28 лютага.