Завод АКБ пад Берасцем выпусціць першую прадукцыю ўжо ў сакавіку



Выпуск доследнай партыі акумулятараў на заводзе ТАА „АйПаўэр” пад Берасцем запланаваны на сакавік гэтага года, заявіў 20 лютага падчас прэс-тура галоўны інжынер прадпрыемства Сяргей Дубнавіцкі.

„Мы гарантуем, што наша вытворчасць будзе бяспечнай. Мы прадугледзелі гэта ў праекце, як у экалагічнай частцы, так і аховы навакольнага асяроддзя, супрацьпажарных мерапрыемстваў. У прыватнасці, устанавілі газаачышчальныя ўстаноўкі, якія, лічу, на гэты момант самыя сучасныя. Таксама на прадпрыемстве прадугледжана сістэма ачысткі сцёкавых вод, распрацаваная спецыяльна для нашага завода. Вада, якая будзе судакранацца са свінцом, не трапіць за тэрыторыю прадпрыемства. З яе будзе рабіцца дэмінералізаваная вада і выкарыстоўвацца ў іншых тэхналагічных аперацыях”, — сказаў Дубнавіцкі.

Паводле яго слоў, усё ўстаноўленае абсталяванне на заводзе выпушчана ў 2018 годзе. На падставе праведзеных тэндараў і конкурсаў былі абраныя пастаўшчыкі тэхналагічнага і інжынернага абсталявання з розных краін. Гэта фірмы з Кітая, Італіі, Даніі, Рэспублікі Карэя, Францыі, Іспаніі, ЗША, Расіі, Германіі, Швецыі.

„Цяпер на заводзе завяршаюцца будаўніча-мантажныя работы. У асноўным вядзецца падключэнне сістэм да электразабеспячэння і водазабеспячэння. Плануем правесці запуск сістэм вентыляцыі, газаачышчальных установак, іх тэставанне. Потым пачнем пуск і наладку абсталявання. Доследную партыю акумулятараў плануем выпусціць у сакавіку”.

Першым пускавым комплексам прадугледжаны выпуск у год 1 млн акумулятарных свінцовых батарэй. „На другім этапе завод пасля даўстаноўкі абсталявання зможа выпускаць каля 2 млн акумулятарных батарэй у год”, — дапоўніў Дубнавіцкі.

Прадукцыя прадпрыемства будзе рэалізоўвацца ў Беларусі, а таксама пастаўляцца ў краіны СНД, ЕС, Азію і Афрыку.

Планаваная колькасць работнікаў першага пускавога комплексу — 138 чалавек. Пасля запуску другога пускавога комплексу яна ўзрасце да 188 чалавек.

У сваю чаргу менеджар па карпаратыўным кіраванні аховай навакольнага асяроддзя Групы кампаній 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць „АйПаўэр”, Аляксандр Юнкевіч, паведаміў, што маніторынг сцёкавых вод будуць праводзіць пастаўшчык, а таксама акрэдытаваная вытворчая лабараторыя.

„Хто будзе займацца ацэнкай уздзеяння прадпрыемства на навакольнае асяроддзе, пакуль не вырашана. Разглядаецца некалькі варыянтаў: сістэма санітарнага нагляду Міністэрства аховы здароўя, тэрытарыяльныя органы аналітычнага кантролю Мінпрыроды і рэспубліканская арганізацыя, якая спецыялізуецца на сістэмах аспірацыі і газаачысткі”, — сказаў Юнкевіч.

Таксама прапрацоўваецца пытанне прадстаўлення інфармацыі грамадскасці аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе. „Мы разглядаем, якім чынам даваць людзям інфармацыю аб выніках маніторынгу. Але грамадскі кантроль у выглядзе інспекцыйных паездак на прадпрыемства наўрад ці будзе арганізаваны, бо гэта падмяняе дзяржаўны кантроль”, — падкрэсліў Юнкевіч.

Акрамя прадстаўнікоў СМІ на гэты прэс-тур мела намер трапіць група праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода з мэтай задаць свае пытанні, але іх не пусцілі. На пытанне журналістаў, чаму гэта было зроблена, у ТАА „АйПаўэр” паведамілі, што „фармат не прадугледжваў удзелу мясцовых жыхароў”.

belapan.by