Завод пабудаваны незаконна – праца павінна быць спынена



Калі будуць парушэнні заканадаўства, то акумулятарны завод не будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Такой пазіцыі прытрымліваюцца прадстаўнікі берасцейскай абласной выканаўчай улады. Чыноўнікі акцэнтуюць увагу на тое, што змяняць сваю пазіцыю не збіраюцца.

Адзін з актыўных удзельнікаў пратэстаў Фёдар Петрусевіч адзначыў, што праўладныя абаронцы аб’екта проста баяцца страціць інвеставаныя сродкі:

– Яны будуць зараз падганяць, могуць паставіць якоесьці абсталяванне і скажуць: «Вось мы будзем назіраць, каб не было парушэнняў». Не трэба было будаваць завод з парушэннямі, не трэба было выдзяляць гэтыя два мільёны шэсцьсот тысяч долараў на тое, каб будаваць такую шкодную вытворчасць. Яны выдзелілі гэтыя грошы і будуць казаць, што гэта ж нам на экалогію пайшло. І там ужо кажуць, што мы больш атручваць не будзем берасцейцаў. Але ж гэта была атрута.

Паводле Фёдара Петрусевіча, калі завод пабудаваны незаконна, то яго праца павінна быць спынена. У сваю чаргу ўлады папярэджвалі інвестара, каб не было ніякіх парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства пры будаўніцтве аб’екта. Але некаторыя моманты былі схаваныя ад грамадскасці.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: politring.com