Завяршаецца будаўніцтва новай царквы ў Пінску
У Пінску падыходзіць да завяршэння будаўніцтва праваслаўнага храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы. Храм узвышаецца над месцам, дзе зліваецца Прыпяць і Піна. Некалі тут стаяў найстарэйшы ў Вялікім Княстве Літоўскім Ляшчынскі Свята-Успенскі манастыр. Цалкам комплекс знік у 1905 годзе ў выніку пажару. Храм будуюць у візантыйскім стылі. “Ужо ідуць унутраныя працы”, – адзначыў нашаму радыё стараста прыходу Анатоль Паладзі:
– Ідуць унутраныя працы верхняга і ніжняга храма. Будзем спадзявацца, што да канца гэтага года з божай дапамогай пройдзе служба і ў верхнім храме. Запрашаем усіх. Многія проста яшчэ не ведаюць, што наш храм пачаў працаваць. Таму прыходзьце, паглядзіце – і будзеце задаволеныя тым, што наведалі наш храм.
З мінулага года ў храме праходзяць багаслужбы. Вернікі зрабілі невялічкі алтар і стварылі неабходныя ўмовы для правядзення часовых службаў. Да будаўніцтва храма далучыліся буйныя пінскія прадпрыемствы: як дзяржаўныя, так і прыватныя.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск