Завяршаецца Тыдзень супраць смяротнага пакарання (абноўлена)



Заўтра ў краіне завяршаецца Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Ён праводзіўся ў рамках дзеючай з 2009 кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.

poster-0510

У менскай “Арт-сядзібе” з гэтай нагоды адбылася прэс-канферэнцыя арганізатараў з Праваабарончага цэнтра “Вясна”. У яе хадзе было прэзентаванае амаль 300-старонкавае выданне з фотаілюстрацыямі пад назвай “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”.

– Гэтыя імёны паўтараюцца дзясяткі разоў, але з розных бакоў: у афіцыйных паперах, у сведчаннях родных і сваякоў, успамінах знаёмых. І гэта як бы танец смерці. Кніга мае пэўнае магічнае ўздзеянне, яна з’яўляецца  яшчэ адным доказам і фактычным дакументам пра тое, што такое смяротнае пакаранне і чаму яго не павінна быць у Беларусі.

На прэс-канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі чэшскай ды брытанскай амбасадаў, што ўваходзяць у рабочую групу міжнароднай Кааліцыі супраць смяротнага пакарання. Былі падведзеныя вынікі чарговай кампаніі подпісаў пад петыцыяй за адмену смяротнага пакарання. Дарэчы, адной з першых падпісантак была сённяшняя нобелеўская лаўрэатка  Святлана Алексіевіч.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Беларусі і ў краінах суседках працягваецца Тыдзень супраць смяротнага пакарання. Паводле каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэя Палуды, у краіне сёлета могуць быць прыведзеныя ў выкананне два смяротныя прысуды.

– У гэтым годзе ўжо вынесены смяротны прысуд. Зараз мы адсочвае лідскую справу, якую разглядае Калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суда. І думаю, праз некалькі дзён, можа тыдзень, магчыма будзе вынесены другі смяротны прысуд. Гэта спава Сяргея Кулеша. У яго справа дастакова сур’ёзна.

Сёння ў Менску “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, прадставяць кнігу “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”. У мерапрыемстве будуць удзельнічаць каардынатар кампаніі Андрэй Палуда, прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. Ганаровыя госці – прадстаўнікі амбасадаў еўрапейскіх краінаў-удзельніц Кааліцыі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя