Завяршылася грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацак



Сёння завяршылася чарговая штогадовая грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск – Полацак. 9 ліпеня шлях традыцыйна пачаўся ад месца забойства Святога Язафата ў Віцебску і закончыўся ля Сафійскага сабора – месца мучаніцкай смерці Полацкіх Пакутнікаў манахаў базыльянаў. Сёння ў царкве Святой Параскевы Полацкай адбылася святочная служба. Кажа ўдзельнік пілігрымкі Віктар Стукаў:

– У Полацк прыйшлі, пераначавалі. Тут зранку сёння была служба. Прыехала дадатковая група з Менску. Сярод іх і архімандрыт Гаек. Гэтая пілігрымка ўвесь час была без дажджу. І толькі калі служба закончылася – толькі тады пайшоў дождж.

У гэтым годзе гэта 20-я пілігрымка – юбілейная.  Удзельнічала ў ёй каля 100 чалавек. Дэвізам пілігрымкі былі словы Папы Яна Паўла Другога: «Будзьце мужнымі! Адвагі!»

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Віктара Стукава