Завяршыліся археалагічныя раскопкі на гарадзішчы Крэва
Завяршыліся археалагічныя раскопкі на гарадзішчы ў мястэчку Крэва Гарадзенскай вобласці.
Кіраўнік раскопак, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч мяркуе, што па выяўленых знаходках можна меркаваць, што даследчыкаў можа чакаць важнае адкрыццё: а менавіта адкрыццё помнікаў Літвы да Міндоўга.
Кажа Алег Дзярновіч:
— У нас былі пахавальныя помнікі. Мы не мелі аніводнага адміністрацыйнага цэнтра, які быў бы археалагічна даследаваны. Крэва яшчэ ўнікальнае тым, што мы маем тут гарадзішча, старажытнае Крэва з паганскім насельніцтвам, дзеля якога Ягайла будуе пасля Крэўскай уніі касцёл. Потым маем новы цэнтр Крэва, Крэўскі замак з рэзідэнцыяй.
Выявілася, што знаходкі ў Крэўскім гарадзішчы не кажуць пра бясспрэчную балцкую прысутнасць у гэтай зямлі, як меркавалася раней. Пакуль Алег Дзярновіч спрабуе акрэсліць, як назваць знойдзеную там раней гарадскую цывілізацыю? Ці гэта цывілізацыя Усходняй Еўропы, Славянская, альбо Крывіцкая!? На карысць гэтага знойдзены керамічныя вырабы, якія былі зробленыя на ганчарным коле. Вядома, што балты да прыходу славян ведалі толькі ручную кераміку.
— Цяпер мы можам сказаць, што Літва, тая старажытная Літва Міндоўга, мела сваю цывілізацыю. У ёй былі раннія гарады. Тут можна спрачацца пра тэрміны, дэфініцыі: ці гэта прота-гарады, але яны мелі гэтыя гарады. І, што важна, гэтыя гарады хутчэй за ўсё мелі славянскае рамесна-гандлёвае насельніцтва. Тут маглі быць каланісты з Полацкай зямлі. Дарэчы адна з інтэрпрэтацый назвы Крэва сведчыць пра тое, што Крэва стала адным з ранніх фарпостаў каланізацыі Полацкай зямлі, крывіцкай каланізацыі.
Значны уклад у ажыццяўленне раскопак зрабіла грамадская ініцыятыва Kreva Inkognita праз сайт talaka.by, якая сабрала сродкі для арганізацыі навуковага даследавання. Увесь час навукоўцам з акадэміі навук Беларусі дапамагалі валанцёры.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя