Заяўка на правядзенне „Чарнобыльскага шляху” будзе пададзена 2 красавіка



Заяўка на правядзенне 26 красавіка традыцыйнага „Чарнобыльскага шляху” будзе пададзеная ў Менгарвыканкам 2 красавіка, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук 29 сакавіка па выніках пасяджэння аргкамітэта акцыі.

„Мы вырашылі, што будзе шэсце, але канчатковы фармат акцыі яшчэ вызначым пасля кансультацый”, — дадаў ён.

Плануецца, што заяўку падпішуць прадстаўнікі васьмі арганізацый, якія ўвайшлі ў аргкамітэт: Беларускай партыі „Зялёныя”, руху „За Свабоду”, руху салідарнасці „Разам”, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і грамадскага аб’яднання „Экадом”.

„Чарнобыльскі шлях” — вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця, якое завяршаецца мітынгам. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.

belapan.by

Фота Антона Сурапіна