Заяўнікі „Чарнобыльскага шляху” вырашылі адмовіцца ад традыцыйнага маршу



Сёлета „Чарнобыльскі шлях” не будзе праходзіць у выглядзе традыцыйнага маршу, заявілі прадстаўнікі аргкамітэта акцыі на прэс-канферэнцыі 25 красавіка ў Менску.

„Мерапрыемства не будзе праходзіць у тым фармаце, які быў заяўлены”, — сказала сустаршыня аргкамітэта партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольга Кавалькова.

Паводле яе слоў, сёння раніцай адбылася сустрэча заяўнікаў акцыі з прадстаўнікамі ГУУС Мінгарвыканкама. Арганізатарам далі дагавор на аплату 5 тыс. 737 рублёў за ахову грамадскага парадку. У адказ заяўнікі перадалі заўвагі да дагавора, у якіх была абгрунтаваная іх пазіцыя і змяшчалася просьба правесці мерапрыемства без аплаты.

„Прадстаўнік ГУУС сказаў мне, што не можа нас вызваліць ад аплаты. І калі мы не падпішам дамову, то фактычна мы адмаўляемся ад правядзення мерапрыемства”, — сказала Кавалькова.

„У сувязі з такімі абставінамі мы не можам заклікаць людзей прыйсці да Акадэміі навук і прайсці па вызначаным маршруце. Я б не хацеў, каб нас, як арганізатараў, абвінавацілі ў нежаданні несці адказнасць”, — заявіў намеснік старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрый Кучук.

Пры гэтым ён паведаміў, што прыйдзе 26 красавіка ў 18.00 да будынка прэзідыума Акадэміі навук, дзе планаваўся збор удзельнікаў „Чарнобыльскага шляху”.

belapan.by