Заява аб прызнанні Емяльянава і Комара палітзняволенымі
Беларуская праваабарончая супольнасць прыняла заяву, дзе прызнае Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітзняволенымі і патрабуе неадкладнага перагляду іх прысуду пры захаванні права на справядлівае судовае разбіральніцтва і ліквідацыі пералічаных парушэнняў.
Раней, 12 лютага, суд Савецкага раёна г. Менска прысудзіў двух анархістаў да сямі гадоў пазбаўлення волі кожнага. Емяльянаў і Комар абвінавачваліся па трох трох артыкулах крымінальнага кодэкса [арт. 341 КК, ч.1 арт. 14 ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 артыкула 218 КК, ч. 2 арт. 295-3 КК] за кінутыя лямпачкі з чырвонай фарбай у будынак Менскага гарадскога суда ў знак салідарнасці з Дзмітрыем Паліенкам, а таксама за кіданне «гаручага кактэйлю» на ўваходныя дзверы СІЗА№1, што на вуліцы Валадарскага ў Менску.
Праваабарончая супольнасць лічыць, што з улікам цяжкасці наступстваў зробленага (напрыклад, пашкоджанне дзвярэй у СІЗА№1 склала 1 рубель 48 капеек), меліся падставы прымянення да Емяльянава і Комара мераў крымінальнай адказнасці, не звязаных з пазбаўленнем волі. Але сем гадоў пазбаўлення волі – гэта непрапарцыйнае пакаранне.
Каментуе юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч:
– Так, мы лічым, што ў гэтай непрапарцыйнасці і ёсць палітычны матыў, таму што толькі пры наяўнасці палітычнага матыву мы можам разглядаць вось гэтыя непрапарцыйнасць, жорсткасць. Улічваючы, што гэтыя людзі належалі да анархісцкіх рухаў і да іх ёсць пільная ўвага з боку праваахоўных органаў, то гэта таксама кажа пра палітычнасць матыву з боку ўладаў пры пераследзе Емяльянава і Комара.
Пад заявай праваабарончай супольнасці падпісаліся:
Праваабарончы цэнтр «Вясна»
РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»
ПУ «Беларускі дакументацыйны цэнтр»
РГА «Прававая ініцыятыва»
Установа «Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве «Хьюман Канстанта»
Праваабарончая ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»
Цэнтр прававой трансфармацыі «Lawtrend»
Беларускае Радыё Рацыя