Заява арцыбіскупа Кандрусевіча ў сувязі з інцыдэнтам на тэрыторыі Чырвонага касцёла



Праз прэс-сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ксяндза каноніка Юрыя Санько кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перадаў заяву ў сувязі з інцыдэнтам, што адбыўся ўвечары 26 жніўня на тэрыторыі касцёла святога Сымона і святой Алены ў Мінску.

Знаходзячыся за мяжою, я з вялікім болем успрыняў скупыя звесткі пра блакаванне ўзброенымі байцамі АМАПу уваходу і выхаду ў мінскім Чырвоным касцёле, што мела месца 26 жніўня.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, людзі маюць права маліцца, свабодна заходзячы для гэтага ў касцёл і бесперашкодна выходзячы з яго. Блакаванне выхадаў святыні і стварэнне перашкоды для свабоднага ўваходу і выхаду людзей з’яўляецца грубым парушэннем правоў вернікаў і свабоды веравызнання.

У сувязі з гэтым інцыдэнтам я цалкам падтрымліваю зробленую ў маю адсутнасць заяву Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага і як Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі заяўляю свой рашучы пратэст супраць неправамерных дзеянняў сілавых структур, якія па сваім прызначэнні пакліканы абараняць асноўныя правы грамадзянаў, у тым ліку і права на свабоду веравызнання, а не перашкаджаць у іх рэалізацыі, гарантаванай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеянні, якія мелі месца на тэрыторыі касцёла святога Сымона і святой Алены, павінны быць расследаваны, а вінаватыя панесці пакаранне ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Гэтыя і падобныя дзеянні супрацоўнікаў сілавых структур не спрыяюць зняццю напружанасці дзеля хутчэйшага ўсталявання міру і згоды ў беларускім грамадстве ў той час, калі Каталіцкі Касцёл заклікае да прымірэння і дыялогу з мэтаю вырашэння нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту.

З малітваю за нашу адзіную Бацькаўшчыну Беларусь

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

catholic.by