Заява Беларускага ПЭН-цэнтра



У краіне „знішчаецца адна з найважнейшых крыніц дакладнай і своечасовай інфармацыі пра значныя падзеі і жыццё ў Беларусі”, гаворыцца ў заяве Беларускага ПЭН-цэнтра адносна сітуацыі вакол партала tut.by.

Як адзначылі ў арганізацыі, падзеі, што разгортваюцца вакол tut.by, — гэта „безумоўны працяг масіраванай атакі на незалежныя СМІ ў Беларусі, пік якой прыпадае на перыяд грамадска-палітычнага крызісу на фоне электаральнай кампаніі 2020 па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

„Нармальная дзейнасць tut.by па стане на сёння істотна ўскладненая дзеяннямі дзяржаўных органаў улады і кіравання, — гаворыцца ў заяве. — Мы выказваем шчырую падтрымку ў гэтыя цяжкія дні ўсім, хто апынуўся „пад ударам”: усім, хто многія гады робіць tut.by унікальнай і паважанай крыніцай атрымання інфармацыі, развівае дыскусію вакол складаных сацыяльных праблем, імкнецца да адказнай і якаснай журналістыкі, кажа адкрыта і максімальна нейтральна, не пакідаючы складаныя тэмы ў баку, не хаваючыся за забароны „па змаўчанні”, дае магчымасць быць інфармаваным, задумацца над тым, што адбываецца, без хлусні і прапаганды”.

„Мы таксама перакананыя, што спробы расправы над незалежнымі СМІ і грамадзянскай супольнасцю згубныя для выхаду з грамадска-палітычнага крызісу, развіцця незалежнай Беларусі”, — падкрэслілі ў арганізацыі.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Святлана Алексіевіч так адрэагавала на сітуацыю: „Спачатку ўлада баялася дзяўчат у белым з кветкамі — і іх арыштоўвалі. Цяпер прыйшоў час арыштоўваць слова”.

„Відавочна, што ўлада мае план знішчэння ўсёй свабодалюбнай часткі грамадства, і ў нас няма іншага выйсця, як аб’яднацца. Можа, у кагосьці засталіся ілюзіі, што можна выжыць у адзіночку, але гэта не так: нам усім разам трэба мірна супрацьстаяць, інакш нас знішчаць”, — лічыць пісьменніца.

18 мая дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю распачаў у дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” справу паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Як вынікае з прэс-рэліза ведамства, у 2019 годзе ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” атрымала статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). На сцвярджэнне ДФР, „таварыствам была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ”. Аб гэтым была праінфармаваная адміністрацыя парку.

Сайт tut.by з 18 травень заблакаваны. Такое рашэнне прыняло Міністэрства інфармацыі на падставе паведамлення Генпракуратуры. „Генеральная пракуратура ўстанавіла шматлікія факты парушэнняў закона аб СМІ ў частцы размяшчэння забароненай інфармацыі ў шэрагу публікацый на інтэрнэт-рэсурсе tut.by. У гэтых матэрыялах змяшчаецца інфармацыя ад імя незарэгістраванага фонду BYSOL, — растлумачыў Мінінфарм. — У адпаведнасці з артыкулам 38 закона аб СМІ ў сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забароненае распаўсюджванне інфармацыі ад імя арганізацый, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю”.

Актуальны спіс затрыманых напярэдадні супрацоўнікаў tut.by: галоўны рэдактар Марына Золатава, генеральны дырэктар Людміла Чэкіна, намеснік гендырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнэка, галоўны бухгалтар Анжэла Асад, намеснік галоўнага бухгалтара Марыя Новік, намеснік дырэктара Ірына Рыбалка, галоўны інжынер Ала Лапатка, менеджар Андрэй Аўдзееў, рэдактар Вольга Лойка, журналіст Алена Талкачова, юрыст Кацярына Ткачэнка.

Журналіст onliner.by Аляксандр Чарнуха, затрыманы падчас асвятлення падзей ля офіса tut.by у Мінску, выйшаў на сувязь і вярнуўся дадому. Яго калега са штомесячніка „Белорусы и рынок” Арцём Маёраў, які быў учора днём ля офіса tut.by, знаходзіцца ў ізалятары на 1-м завулку Акрэсціна.

belapan.by