Заява МЗС Польшчы ў сувязі з затрыманнем Анжалікі Борыс
Міністэрства замежных спраў Польшчы выказвае рашучы пратэст супраць затрымання службамі Рэспублікі Беларусь Анжалікі Борыс – старшыні Саюза палякаў у Беларусі. Увечары аўторка, 23 сакавіка, у МЗС быў выкліканы дыпламат РБ. Яму далі адназначны сігнал, што дзеянні ўладаў Беларусі супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі ў пытаннях абароны нацыянальных меншасцяў і польска-беларускім дамоўленасцям па гэтым пытанні.
У заяве МЗС адзначаецца: дзейнасць Саюза палякаў у Беларусі канцэнтруецца на падтрымцы польскай культуры і традыцый, польскага школьніцтва і навучанні польскай мовы. Паводле МЗС, затрыманне Анжалікі Борыс – гэта ўдар не толькі па добрых стасунках з Польшчай, яно пагражае і беларускай традыцыйнай шматкультурнасці.
“Мы заклікаем як мага хутчэй вызваліць старшыню Саюза палякаў у Беларусі і спыніць пераслед прадстаўнікоў польскай меншасці”.
Два дні таму Анжаліка Борыс была госцей нашага эфіру. І казала пра цяжкую сітуацыю з польскай нацменшасцю ў Беларусі:
– Сітуацыя ў якой знаходзіцца краіна, мы можам толькі абараняцца і заяўляць пра нейкі дыялог з грамадствам таму, што без гэтага, калі ўлады не пойдуць на дыялог з грамадствам, то такая сітуацыя канешне вядзе краіну ў нікуды проста.
Анжаліка Борыс цяпер знаходзіцца пад арыштам да суда, які чакаецца на працягу бліжэйшых трох дзён. Яе абвінавачваюць у арганізацыі недазволенага мерапрыемства – традыцыйнага кірмашу на Казюкі.
Беларускае Радыё Рацыя
fot. arch.PAP/L.Szymański