Заява прадстаўніка ByPol: Андрэй Зельцэр не парушыў закону



28 верасня супрацоўнікі КДБ узламалі дзверы і ўварваліся ў кватэру, дзе знаходзіўся супрацоўнік EPAM Systems Андрэй Зельцэр і ягоная жонка. Зельцэр двойчы стрэліў і смяротна параніў аднаго з групы КДБ. У адказ яго застрэлілі. Жонку арыштавалі.

Адмыслоўцы з ініцыятывы ByPol пракаментавалі, якія памылкі яны пабачылі ў дзеяннях сілавікоў і чаму Андрэй Зельцэр меў права аказаць збройны супраціў.

28 верасня ў Менску падчас рэйду КДБ па кватэрах у адной з кватэр жыхар аказаў супраціў сілавікам — стрэліў у аднаго з іх з паляўнічай стрэльбы. Сілавікі ў адказ адкрылі агонь і застрэлілі мужчыну. Паранены супрацоўнік КДБ загінуў. Распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт.139 КК («Забойства асобы ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ёю службовай дзейнасьці»).

Як стала вядома, страляў 31-гадовы Андрэй Зельцэр, супрацоўнік EPAM Systems. Ён жанаты, мае сына. Меў афіцыйна зарэгістраваную зброю, бо ўваходзіў у Таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Таксама Зельцэр займаўся фэхтаваннем і трыятлонам.

Жонку Андрэя Зельцэра Марыю Успенскую затрымалі праз падазрэнне ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка КДБ, цяпер яна ў следчым ізалятары на Акрэсціна. У Следчым камітэце паведамілі, што жонка Зельцэра «праводзіла відэаздымку» і «садзейнічала здзяйсненню злачынства».

svaboda.org