Заява Рады Моладзі БНФ



Яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы, якая павінна стартаваць у 2018-ым годзе, у актывістаў Моладзі БНФ, якія плануюць балатавацца на пасады дэпутатаў па сваех раёнах, ужо з’явіліся першыя звязаныя з гэтым праблемы.

Патэнцыйныя кандыдаты ўжо атрымоўваюць пагрозы з боку дэканата ў сваіх навучальных установах, запужванні ад ваенкамата, а таксама праблемы з начальствам на працы.

“Ціск на моладзь па палітычных матывах – гэта ўжо звычайная і нават традыцыйная з’ява ў нашай краіне. Паколькі мы ўжо прывыклі да такога стаўлення з боку адміністрацыі навучальных устаноў, цяпер у нас маюцца запісы запужванняў, якія мы гатовы апублікаваць у выпадку, калі пагрозы не спыняцца”, – папярэджваюць актывісты арганізацыі. 

Але, як можна адзначыць, ціск на студэнтаў у нашай краіне не спыняецца, а толькі працягвае набіраць моц. Палітычна актыўную моладзь усяляк кантралююць, манітораць старонкі ў сацыяльных сетках, пагражаюць праблемамі з вучобай аж да адлічэння з навучальнай установы. Таксама адбываюцца прафілактычныя размовы ў ідэалагічных адзелах розных навучальных устаноў, дзе з актыўнымі студэнтамі размаўляюць супрацоўнікі сацыяльных служб, ідэолагі, якія ўсімі магчымымі метадамі запужваюць моладзь, каб тыя не ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці краіны.

Моладзь БНФ выказвае рашучы пратэст з нагоды ціску на патэнцыйных кандыдатаў і актыўную беларускую моладзь і патрабуе спыніць дадзеную практыку, бо мы не баімся вас і будзем адстойваць свае правы.

Разам з тым, мы жадаем нагадаць беларускай моладзі, што ў нашай арганізацыі працуе юрыдычная і студэнцкая служба, якая гатова будзе дапамагчы вам, калі ў вас узнікнуць праблемы. Звярнуцца да нас можна праз нашу пошту: [email protected] . Разам мы зможам абараніць сябе.