Заява Руха Салідарнасці “Разам”: Рукі прэч ад Курапатаў!



Рух Салідарнасці “Разам” прыняў заяву пад назвай “Рукі прэч ад Курапатаў!”. Яе аўтары адзначаюць, што паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі у Нацыянальным Некропалі Курапаты ўлады пачалі знішчаць крыжы і арыштоўваць людзей. Мемарыял, які паўстаў на месцы згубы ахвяр палітычных рэпрэсій высілкамі беларускага народа, і які ёсць сімвалам нацыянальнай памяці, нацыянальнага адраджэння, улады спрабавалі знішчыць неаднаразова.

Кажа сябра Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:

– Нялюдскую палітыку Аляксандр Лукашэнка ўсе 22 гады праводзіў. Але ўпершыню ў адкрытую яны масава пачалі ламаць крыжы, сімвал хрысціянства. Яны і раней знішчалі народны мемарыял. Але спісвалі гэта на нейкіх вандалаў, якіх не маглі знайсці. Пасля ўчорашніх падзеяў стала зразумела, што самыя галоўныя вандалы ў Курапатах – гэта сённяшнія ўлады. Таму мы заклікаем гэтых нелюдзей спыніцца. Заклікаем беларусаў, абараняць нацыянальную святыню – Нацыянальны Некропаль у Курапатах і мы заклікаем міжнародную супольнасць нам дапамагчы.

Рух Салідарнасці “Разам” выказвае катэгарычны пратэст незаконным дзеянням антыбеларускай улады, якая дзейнічае на карысць Крамлю, і заяўляе, што вандалізм і гвалт такога маштабу не застанецца беспакараным.

***

4 красавіка па загаду Аляксандра Лукашэнкі у Нацыянальным Некропалі Курапаты ўлады пачалі знішчаць крыжы і арыштоўваць людзей.

Мемарыял, які паўстаў на месцы згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій высілкамі беларускага народа і ёсць сімвалам нацыянальнай памяці, нацыянальнага адраджэння, улады спрабавалі знішчыць неаднаразова. Але такое апаганьванне святыні усіх хрысціянаў, – Крыжа, як сімвала пакуты і адраджэння, – адбываецца тут упершыню.

Рух Салідарнасці “Разам” выказвае катэгарычны пратэст незаконным дзеянням антыбеларускай улады, якая дзейнічае ва ўгоду Крамлю, і заяўляе, што вандалізм і гвалт такога масштабу не застанецца беспакараным. Гісторыя паказвае: сатанінская навалач, для якой не ёсць святыняй ні Крыж, ні чалавечае жыццё, дзейнічае сабе на згубу.

Рух Салідарнасці “Разам” заклікае спыніць знішчэнне Нацыянальнага Некропалю і рэпрэсіі супраць абаронцаў Курапатаў.

Мы звяртаемся  да сённяшніх уладаў і персанальна да А. Лукашэнкі: Нелюдзі, рукі прэч ад Курапатаў!

Мы звяртаемся да беларускага народу: Беларусы! Не дайце знішчыць святыню! Абараніце Нацыянальны Некропаль!

Мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці: Дапамажыце! Не дазвольце знішчаць крыжы у Курапатах!

Рукі прэч ад Курапатаў!

Жыве Беларусь!

05.04.2019 г.