Заява супраць чужых вайсковых базаў у Беларусі
„Вайсковыя базы іншых дзяржаваў – пагроза незалежнасці Беларусі”. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую прынялі сёння на пасяджэнні Рады Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасць.
На думку чальцоў Рады, большасць беларусаў выступае за тое, каб Беларусь была нейтральнай дзяржавай і не дапускала размяшчэння на сваёй тэрыторыі чужых вайсковых базаў.
“Мы прынцыпова стаім на пазіцыях захавання нашай краіны як незалежнай, самастойнай, і ў тых межах, у якіх яна абазначана на сёння”, – кажа адна з аўтараў заявы Алена Анісім:
– Нашую занепакоенасць выклікае той факт, што размяшчэнне вайсковых базаў на нашай тэрыторыі адбываецца незаўважна для грамадскасці, гэта непублічнае рашэнне, прынятае без грамадскага абмеркавання. І па-другое, рашэнне прымаецца без аніякіх на тое падставаў.
“Беларусь не знаходзіцца ў стане аніякай вайны, таму незразумела, якія ёсць падставы для размяшчэння расейскіх вайсковых базаў на нашай тэрыторыі”, – працягвае Алена Анісім:
– Беларусь ужо неаднаразова была плацдармам для правядзення войнаў у чужых інтарэсах. Наш народ панёс такія велізарныя чалавечыя страты, што гэта проста ўжо выглядае цынічна і для палітыкаў – гэта недаравальна, калі такое адбываецца на пустым месцы.
На думку нашай суразмоўцы, размяшчэнне чужых вайсковых базаў супярэчыць як інтарэсам беларускага народу, так і нацыянальным інтарэсам дзяржавы. Днямі з’явілася інфармацыя пра тое, што Расея размесціць у Беларусі сваю вайсковую базу.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота vk.com
ЗАЯВА
Рады Усебеларускага Кангрэса за незалежнасць
Вайсковыя базы іншых дзяржаў – пагроза незалежнасці Беларусі
Мы з насцярогай успрынялі паведамленне аб тым, што ўрад Расіі ўхваліў праект пагаднення з Беларуссю аб размяшчэнні на беларускай тэрыторыі расійскай авіяцыйнай базы. Мы лічым, што ў выпадку рэалізацыі гэтых планаў будзе нанесена значная шкода суверэнітэту нашай краіны. Па сутнасці, Расія хоча зрабіць Беларусь сваім вайсковым плацдармам, бо тут будуць месціца чужыя войскі. Мы хочам нагадаць, што акупацыя прыбалтыйскіх краін з боку СССР у 1940 годзе пачалася з размяшчэння на іх тэрыторыі вайсковых савецкіх базаў. Сённяшняя Расія працягвае тую ж самую агрэсіўную палітыку. Варта згадаць трагічны выпадак на вайсковай базе Расіі ў Арменіі, калі рускі салдат без усякай прычыны знішчыў армянскую сям’ю. Акупацыя ўкраінскага Крыма таксама пачалася з расійскай вайсковай базы ў Севастопалі, а непрызнаная Прыднястроўская рэспубліка існуе дзякуючы рускай вайсковай базе на яе тэрыторыі. Мы патрабуем ад афіцыйных улад Беларусі адмовіцца ад падпісання пагаднення аб размяшчэнні на нашай тэрыторыі расійскай вайсковай базы, паколькі яно супярэчыць Канстытуцыі нашай краіны, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і наносіць вялікую шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Мы перакананыя ў тым, што беларускі народ выступае за тое, каб Беларусь была нейтральнай дзяржавай і не дапускала размяшчэння на сваёй тэрыторыі чужых вайсковых базаў.
Заява прынята на пасяджэнні Рады Кангрэсса 11 верасня 2015 г.