Заява ТБМ: Жыццё Паўла Латушкі пад пагрозай
Мы добра ведаем кар’ернага дыпламата, былога міністра культуры і дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, які яшчэ студэнтам уступіў у шэрагі ТБМ.
Пасля таго, як П.Латушка разам з калектывам тэатра выказаў свой пратэст супраць проціпраўных дзеянняў беларускай улады, у выніку якіх былі арыштаваны тысячы мірных грамадзян Беларусі, прычым значная частка з іх была зверскі збітая, а некаторыя загінулі ці прапалі без звестак, ён быў звольнены з пасады дырэктара тэатра. П. Латушка ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады па трансферы ўлады пасля выбараў 9 жніўня 2020 г. Яму пачалі пагражаць, патрабаваць, каб ён з’ехаў з Беларусі і запэцкалі чырвонай фарбай яго дом і гараж.
Мы добра памятаем трагічны лёс віцэ-прэм’ера ўраду Беларусі Віктара Ганчара, міністраў Юрыя Захаранкі, Міхаіла Марыніча, Аляксандра Казуліна, Васіля Лявонава і іншых вядомых людзей, якія выказалі сваю нязгоду з палітыкай сённяшняй улады.Таму мы заклікаем усіх сумленных грамадзян Беларусі выказаць сваю падтрымку Паўлу Латушку і накіраваць свой пратэст супраць яго пераследу ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.
Сакратарыят ТБМ , 20 жніўня