Заява ЦС БПЗ з нагоды новых рэпрэсій



У апошні час істотна пашырылася кола людзей, да якіх прымяняюцца арышты і затрыманні. Пад удар усё часцей сталі трапляць журналісты і спартоўцы, эколагі і актывісты рабочага руху.

5 кастрычніка ў Гомелі быў затрыманы каардынатар «Міжнароднага аб’яднання эколагаў» Дзяніс Кобрусеў. Ён вядомы ў Гомелі як актыўны ўдзельнік многіх кампаній супраць ушчыльнення забудовы. Затрыманне адбылося напярэдадні афіцыйных грамадскіх слуханняў па схеме азелянення горада, якія павінны былі пачацца ў гэты дзень. Дзяніс Кобрусеў пакараны 15 суткамі арышту.

6 кастрычніка ў Менску была затрыманая невядомымі людзьмі ў цывільным дырэктар экалагічнай арганізацыі „Экадом” Марына Дубіна. Дзяўчыну пакаралі 13 суткамі арышту.

На мінулым тыдні ў Гомелі адбыліся таксама затрыманні галоўнага рэдактара інфармацыйнага рэсурсу «Моцныя навіны» Ганны Якштас і журналістаў Дзяніса Якштас і Надзеі Пужынскай. Дома ў галоўнага рэдактара і на офісе СН былі канфіскаваныя ўсе кампутары і іншае абсталяванне. Затрыманых журналістаў, якія выконвалі свае прафесійныя абавязкі падчас акцый пратэстаў з бэйджамі і камізэлькамі «Прэса», абвінавацілі па артыкуле 23.34 КаАП РБ. Ганна Якштас, маці непаўналетніх дзяцей, была пакарана штрафам, яе муж Дзяніс Якштас – 15 суткамі, рэдактар ​​аддзела відэа навінаў Надзея Пужынская – 14 суткамі арышту. «Моцныя навіны» папулярныя ў Гомелі сваімі вострымі і адначасова аб’ектыўнымі матэрыяламі. У прыватнасці, гэты інфармацыйны рэсурс рэгулярна асвятляе ўсе праблемы экалагічнага характару і садзейнічае іх вырашэнню.

Апошнімі днямі былі затрыманыя таксама журналісты шэрагу незалежных выданняў Бабруйска. 

Пад арыштам апынуліся і вядомыя спартоўцы, якія асмеліліся адкрыта выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Таксама разгарнуліся ганенні на працоўных актывістаў. У ліку іншых, у Жлобіне быў асуджаны да 15 сутак арышту за ўдзел у стачцы працоўны БМЗ Віталь Савельеў. Акрамя гэтага, з работнікам, які без заўваг прапрацаваў на заводзе шмат гадоў, не прадаўжаецца кантракт. 8 кастрычніка былі затрыманыя таксама трое работнікаў БМЗ, уключаючы журналістку завадской газеты Сняжану Пагодзіну.

Беларуская партыя „Зялёныя” перакананая, што праз падаўленне ўсіх незадаволеных немагчыма вырашыць цяперашні палітычны крызіс у краіне. Шляхі выхаду з сітуацыі, якая склалася, можна знайсці толькі ў выніку сапраўднага дыялогу з грамадствам і дэмакратызацыі дзяржавы. Аднак, як паказвае час, які прайшоў пасля выбараў, дзеючая ўлада да гэтага не гатовая і па-ранейшаму робіць стаўку на грубую сілу. Але гэта шлях – у нікуды.

Беларуская партыя «Зялёныя» настойвае на спыненні рэпрэсій, у тым ліку супраць журналістаў незалежных СМІ, на вызваленні ўсіх палітвязняў, на правядзенні ў Беларусі свабодных выбараў і дэмакратычных рэформаў.

Выхад з крызісу магчымы толькі праз свабодныя і салідарныя намаганні ўсяго грамадства!