Збітага міліцыянтамі Аляксандра Мацеюка за гэта ж і аштрафавалі



У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска аштрафавалі за непадпарадкаванне міліцыянтам Аляксандра Мацеюка, прыхільніка Сяргея Ціханоўскага.

Яго затрымалі 20-га чэрвеня за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – у акцыі “ланцуг салідарнасці”, якая прайшла ў апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Суддзя Ала Бардзюкова разбірала адміністрацыйную справу, якую распачалі супраць Аляксандра Мацеюка паводле артыкула 23.4 – нібыта за непадпарадкаванне міліцыянтам. Паводле падсуднага, гэты адміністрацыйны пратакол з’явіўся пасля таго, як міліцыянты збілі яго падчас затрымання, а лекары зафіксавалі цялесныя пашкоджанні. Такім чынам міліцыянты хацелі апраўдаць свае гвалтоўныя дзеянні. Тлумачэнні пра гэта суддзю не пераканалі, і яна прысудзіла штраф памерам 4 базавых велічыні (108 рублёў), кажа спадар Аляксандр:

-За тое, што мяне збілі, а потым ілжэсведчылі ў судзе – за гэта я мушу плаціць штраф, 4 базавыя. А яшчэ ім заробак.

Радыё Рацыя: А на якім этапе ваша разбіральніцтва з міліцыяй? Вы ж гэтую справу так не пакінулі? Аляксандр: Следчы камітэт збірае доказы, апытвае сведкаў.

Радыё Рацыя: Такім чынам, якая ў вас агульная сума штрафаў, калі лічыць і пакаранне за ўдзел у акцыі, і гэты штраф?

Аляксандр: Там было 810 рублёў. Агулам нешта каля тысячы.

На 30 базавых велічынь Аляксандр Мацяюк быў аштрафаваны за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах 19-га чэрвеня. Яшчэ раней, за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў 30-га траўня, ён быў пакараны 4-ма суткамі арышту.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск